«Будзьма беларусамі!» пачынае тэатральны сезон «Захапленняў»

«Будзьма беларусамі!» працягвае мультымедыйны праект «Захапленні» і прэзентуе другі сезон прыцягальных гісторый. Першы сезон праекта паспяхова прайшоў у 2012 годзе і сабраў болей за 160 тысячаў наведванняў матэрыялаў агулам. Гэтым разам у серыі незвычайных рэпартажаў возьмуць удзел беларускія акцёры, рэжысёры, драматургі, асвятляльнікі, білецёры, грымёры, мастакі па касцюмах і сцэнографы — тыя людзі, без якіх не было б беларускага тэатру.

Tarantino.by-2013-RSP-7348

«Мы вельмі рупімся, каб беларусы ведалі і любілі сучасную беларускую культуру. Часцей за мяжой нашых выканаўцаў ведаюць лепш, чым у самой Беларусі. Таму кампанія пастаянна шукае розныя формы, каб зацікавіць людзей, прадэманстраваць, што беларуская культура — цікавая, яна паляпшае нашае жыццё. І адной з такіх формаў стаў праект «Захапленні», яго другая назва — «Такімі вы нашых зорак яшчэ не бачылі!» Менавіта праз разнастайныя хобі мы імкнуліся прыцягнуць увагу — і так пазнаёміць бліжэй, а кагосьці — і ўпершыню з тымі, хто стварае беларускую культуру сёння. Поспех першага сезона падштурхнуў нас да стварэння працягу — захапленняў «тэатралаў», — кажа Ніна Шыдлоўская, каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!».

 Tarantino.by-2013-Zahaplenni-Artistov-Best-0563

Новы сезон праекта «Захапленні», які стартуе на сайце кампаніі з 12 лістапада, — гэта тры дзясяткі «фільмаў», унікальных паводле фармату і зместу: не звычайныя інтэрв’ю пра «вашыя творчыя планы», не проста гутарка на дыктафон. «Рэпартажы з месца дзеяння», відэазамалёўкі пра захапленні цікавых і значных для нашай культуры людзей. 

Tarantino.by-2013-Zahaplenni-Artistov-Best-9697

«Адметнасцю другога сезона стане надзвычайная практычнасць захапленняў, — кажа Ганна Трубачова, аўтар праекта. — Верагодна, гэта неяк звязана з павышаным узроўнем выжывальнасці сярод супрацоўнікаў тэатру. Вялікім здзіўленнем было даведацца, якой колькасцю здольнасцяў валодаюць супрацоўнікі тэатральнай сцэны: наўрад ці прадстаўнікі хоць якой прафесіі такія ж мульціталенавітыя. Мы пэўныя, што гэта жывы, натхнёны праект.  Сапраўдны экшн!»

Tarantino.by-2013-Zahaplenni-Artistov-Best-7865

Праект раскажа пра тое, як тэатралы самі вырабляюць адзенне і аксесуары, рэстаўруюць старую мэблю, здольныя разабраць і сабраць ровар,  прапарыць каго заўгодна ў лазні, зрабіць масаж і фрызуру, спыніць каня на хаду, стварыць персанальную выставу калажаў і паспяховы рок-гурт. Тры дзясяткі захапленняў і неверагодны бляск вачэй, бо апантаны чалавек, які расказвае пра сваю любімую справу, вылучае прамяні свету і пазітыўнай энергіі. Праца ў такой атмасферы для здымачнай каманды стала сама па сабе захапленнем.

Другі сезон, прысвечаны тэатру, стартуе 12-га лістапада і будзе з’яўляцца кожны аўторак на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» www.budzma.org

Першы рэпартаж

Як гэта пачыналася ў першым сезоне, глядзіце тут:

 

Добавить комментарий