Тузін.Unplugged

З нагоды сямігодзьдзя дзейнасьці інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў» ва ўтульным клюбе «Графіці» пройдзе незвычайны канцэрт «Тузін.Unplugged», у якім возьмуць удзел героі гэтага музычнага сэзону —гурты «Жнюв» і Re1ikt, вечныя героі — гурт «Палац» і будучыя героі —гурт Мonkey Bite. Адмыслова да «тузіноўскай» вечарыны кожны з выступоўцаў падрыхтаваў эксклюзіўны сэт.

Тузін ГітоўМonkey Bite лічаць сябе пасьлядоўнікамі гурта Zet. Яны пачалі сваю кар’еру якраз у той год, калі ўтварыўся «Тузін Гітоў», рэпэтавалі ў Міханавічах, давалі канцэрты для «мясцовых», а потым выйшлі і на менскія пляцоўкі, гралі разам з гуртом «Цмокі» і Zet, якіх называюць сваімі кумірамі. Пасьля васьмігадовага перапынку музыкі вяртаюцца на сцэну. Адмыслова для «Тузін. Unplugged» гэты панк-гурт рыхтуе акустычны сэт, каб зьдзівіцца самім і падзівіць публіку сваім новым гучаньнем. «Нашыя песьні пра тых, хто сочыць за намі з блакітных люстэркаў, пра людзей, якія вымушаныя адчуваць сябе гарбатымі ў роднай краіне, і мараць скінуць нарэшце камяні са сваіх сэрцаў», — кажуць музыкі.

Іншыя ўдзельнікі «Тузін. Unplugged» у 2003 годзе якраз прыпынілі кар’еру.

Гурт «Жнюв» пачынаў пры канцы 90-х. Як ні дзіва, таксама дзяліў сцэну з Zet, а яшчэ з «Крамай» і «Лепрыконсамі», перамагаў нафэстывалях «Першая пляцоўка» і «Рок-схватка». Узьядналіся музыкі ў 2009 годзе. Першая песьня адноўленай каманды мела вялізарны посьпех на «Тузіне Гітоў». Твор «Не хвалюйся» пяць разоў перамагаў у чарце і трапіў у лік лепшых песень сэзону. Відаць, такі ж лёс чакае іх новую песьню «Засуха», якая ўжо чатыры разы ўздымалася на першую прыступку ў «Тузіне». Гэтыя ды іншыя свае песьні музыкі абяцаюць сыграць на «Тузін. Unplugged» у камэрным варыянце. «Нам вельмi прыемна, што нас запрасiлi прыняць удзел у гэтым канцерце. Таму што „Тузiн“ для нас быў адмысловай стартавай пляцоўкай, калi мы вярнулiся ў музыку. Ну i дзякуючы ўдзелу ў гiт-парадзе мы зьдзейсьнiлi мару нашага вакалiста Алега i трапiлi на БАСы. Што ў вынiку паўплывала на напiсаньне намi яшчэ больш песень на роднай мове. А 25-га мы ўпершыню адыграем цалкам беларускамоўны акустычны сэт», — абяцаюць музыкі.

Гурт Re1ikt быў названы «Адкрыцьцём году ў беларускай музыцы» па вэрсіі «Тузіна Гітоў» у 2009 годзе. З таго часу музыкі далі безьліч канцэртаў, запісалі два дыскі на беларускай мове («Vytoki» і свой новы альбом). Музыкі сьцьвярджаюць, што на сёньня яны маюць бадай самы вялікі досьвед выступаў «анплагд» сярод маладых беларускіх гуртоў, таму выступіць на «Тузін. Unplugged» — для іх абсалютна натуральна. Тым больш, што яны частыя госьці ў гіт-парадзе і лічаць, што ужо парадніліся з ТГ. «Мы так шмалі гралі ў акустыцы — і на адкрытым паветры, і ў музэях, і на фэстывалях, і на кватэрніках — што прыйшоў час правесьці нейкую рысу. Наш выступ на „Тузін. Unplugged“ будзе пэўнай справаздачай, дзе мы зайграем найлепшыя творы», — кажуць удзельнікі Re1ikt.

Гурт «Палац» рыхтуе адмысловую праграму, з увагай на вялікодныя- валочобныя творы, паколькі «Тузін. Unplugged» пройдзе на наступны дзень пасьля Пасхі. А весьці імпрэзу будзе лідэр «Палацу» Алег Хаменка, нязьменны вядучы радыёвэрсіі гіт-параду «Тузін Гітоў», якая ідзе на хвалях «Радыё Рацыя». «Гэты канцэрт мусіць стаць самым сьветлым канцэртам году», — мяркуе Алег.

Канцэрт «Тузін. Unplugged» падтрымлівае грамадзкая кампанія «Будзьма беларусамі».

Он-лайн трансьляцыя «Тузін. Unplugged» пройдзе на партале TUT.BY.

Канцэрт пачнецца ў 19:00 25 красавіка ў менскім клюбе «Графіці» (зав.Калініна, 16).

Кошт квітка — 20 000 руб. Набыць яго можна ў клюбе загадзя з 18:00 да 22:00 штодня, акром суботы і нядзелі.

Колькасьць месцаў абмежаваная!

Тэл. для даведак:

(029) 17-999-18, (029)77-999-18, (029) 613-95-06, (029) 270-11-15.

Добавить комментарий