«У нескладовае» запіша сінгл з гуртом «Братья Грим»

22 чэрвеня у мінскім клубе «Мулен Руж Show« гурт «У нескладовае« прадставіць новы сінгл «Станцыя«. У запісе і канцэртнай прэзентацыі рэліза возьме ўдзел расійскі гурт «Братья Грим«.

Гурт «У нескладовае» – праект Рамана Арлова (экс-«J:морс») і Вадзіма Марголіна (экс-Postscriptum), створаны з мэтай папулярызацыі беларускамоўнай музыкі. У 2010 годзе калектыў выдаў дэбютны альбом «У нескладовае», у запісе якога бралі ўдзел вакалісты беларускіх гуртоў «Без Білета», «Дзецідзяцей», «J:морс», Neo, The Stokes і інш., а прэзентацыя адбылася пры падтрымцы культурнцкай кампаніі «Будзьма Беларусамі!».

Сінгл «Станцыя» будзе выкладзены ў Інтэрнэт 22 чэрвеня. Гэта не толькі анонс другога альбома, над якім зараз працуе калектыў, але і выхад гурта на новы этап.

«Адна з галоўных мэтаў нашага праекту – прадстаўляць музыку на беларускай мове за межамі нашай краіны, – распавядае Раман Арлоў. – За першы год пры падтрымцы кампаніі «Будзьма Беларусамі!» мы знялі кліп у Маскве і cыгралі там некалькі канцэртаў. Зараз мы пачынаем уцягваць замежных музыкаў у працэс творчасці на беларускай мове. З іх дапамогай мы хочам данесці нашу мову да больш шырокай аўдыторыі па ўсім былым Саюзе, пераўтварыць яе з дзівоцтва ў модную фішку».

Першым крокам ў гэтым напрамку стане супрацоўніцтва з гуртом «Братья Грим», вядомым па хітах «Ресницы», «Кустурица» і інш. У 2009 годзе калектыў прыпыняў сваю дзейнасць пасля сыходу з яго Барыса Бурдаева, аднаго з двух братоў-лідэраў, аднак ужо напрыканцы 2010 года гурт вярнуўся на сцэну з новым альбомам «Крылья Титана».

Песню для дуэту напісаў Раман Арлоў. Вакальныя партыі для яе лідар гурта «Братья Грим» Канстанцін Бурдаеў запіша ў Мінску. 22 чэрвеня ён выканае кампазіцыю «Станцыя» з гуртом «У нескладовае» падчас канцэрта ў клубе «Мулен Руж Show». У межах выступу адбудзецца яшчэ шэраг прэм’ер з будучага альбома з удзелам Аляксандра Памідорава (Pomidor/off), Яўгена Чалышава («Харлі»), Віктара Рудэнка (Dali), Вадзіма Касалапава (Neo) і інш.

«Супольныя імпрэзы праекта «У нескладовае» і культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» цалкам заканамерныя. У нас аднолькавая мэта – прасоўванне сучаснай беларускай культуры, як адметнай і ўнікальнай. Мы рады, што дзякуючы «У нескладоваму» да гэтага працэсу далучаюцца і расійскія зоркі. Нашыя думкі ў кантэксце падключэння замежных зорак да папулярызацыі беларускай мовы апынуліся паралельнымі – увосень слухачоў чакае музычны дыск, які кампанія робіць супольна з «Тузіном Гітоў». На ім зоркі з розных краінаў спяваюць свае хіты на нашай мове», – гаворыць каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская.

22 чэрвеня ў клубе «Мулен Руж Show« гурт «У нескладовае« з прэзентацыяй сінгла «Станцыя«. Адмысловы госць – гурт «Братья Грим«асія). Пачатак у 20.00. Квіткі: 30 тыс. (танцпол), 50 тыс. (столік). Інфалінія: (029) 671 58 65, (029) 254 49 09.

Добавить комментарий