AD.NAK! пачаў новы адукацыйны сезон ў Віцебску

У новы сезон Фестываль AD.NAK!, згодна з сусветнай практыкай, увайшоў са зменамі і свежымі прапановамі. Пакуль новыя “фішкі” дапрацоўваюцца аргкамітэтам, у рэгіёнах пачаліся жывыя прэзентацыі асноўнай ідэі і праграмы сёлетняга Фестывалю. “Пунктам адліку” сезону 2013 стаўся горад Віцебск.

Майстар-класы з удзелам прадстаўнікоў найбуйнейшых беларускіх агенцтваў, якія атрымлівалі ўзнагароды на мінулых Фестывалях, прайшлі ў канферэнц-зале гасцініцы “Віцебск”. Большасць спікераў адукацыйнай праграмы ў свой час былі ў складзе журы Фестывалю AD.NAK!.

Мерапрыемства пачалося традыцыйнай вітальнай прэзентацыяй грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”. Сярод асноўных кірункаў дзейнасці кампаніі асабліва блізкай як геаграфічна, так і па спецыялізацыі была камунікацыйная праграма “Краіна цмокаў”, прадстаўленая Алесем Плоткам, PR-мэнэджарам кампаніі. Кіраўнік праекту Marketing.by Сяргей Скараход расказаў пра Фестываль AD.NAK! і прадэманстраваў работы пераможцаў усіх Фестываляў. У канцы дня ўдзельнікі таксама змаглі пазнаёміцца з рэкламнымі ролікамі-пераможцамі найбольш вядомых сусветных фестываляў рэкламы 2012 года.

Майстар-клас на тэму “Між творчасцю і маркетынгам” правёў кіраўнік мінскай студыі “Адліга” Анатоль Лазар, які падзяліўся рэальным досведам арганізацыі рэкламнага бізнесу ў Беларусі. З уласцівай яму шчырасцю Анатоль расказаў пра свае назіранні і высновы што да асаблівасцяў узаемаадносін з кліентамі і выкарыстання беларуская мовы ў рэкламе.

Дырэктар рэкламнага агенцтва Capitalist Digital Зміцер Вайноўскі, ён жа аўтар прома-ролікаў AD.NAK!, у межах свайго выступу “Рэклама па-беларуску: ментальныя коды, стварэнне ўстойлівага словазлучэння, новыя словы ў рэкламе” расказаў пра той беларусацэнтрычны падыход, які ўсё больш запатрабаваны ў маладой беларускай рэкламе, і абмеркаваў з прысутнымі свае пошукі ў гэтай галіне.

Тэма майстар-класа дызайнера інтэрактыўнага агенцтва Red Graphic Захара Шлiмакова — “Digital Love: Ooh, I don’t know what to do about this dream”. Захар расклаў па паліцах асобны кейс інтэрактыўнага праекту 10.mts.by, пасля чаго расказаў пра апошнія трэнды ў digital-маркетынгу.

 

Нагадаем, што цягам мінулага года такія сустрэчы прайшлі ў Горадні, Магілёве, Берасці і Гомелі. У iх узялi ўдзел прадстаўнiкi найбуйнейшых кампаній і агенцтваў краiны. Сёлета Фестываль праходзіць ужо чацверты раз, і арганізатары чакаюць шмат работ ад рэгіянальных прадстаўнікоў рэкламнай галіны ў намінацыях і конкурсах.

Арганізатары Фестывалю таксама адзначаюць, што дзякуючы багатай конкурснай праграме Фестываль дае дадатковыя магчымасці рэкламістам, якія хочуць выконваць работы на беларускай мове, паспрабаваць свае сілы і стварыць рэкламны прадукт у межах прапанаваных конкурсаў.

 

Нагадаем, што Фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK! сёлета пройдзе ў Мінску 27 чэрвеня ўжо чацверты раз. Канчатковая праграма Фестывалю, афіцыйны сайт і пачатак прыёму работ будуць абвешчаныя ў пачатку красавіка.

Галоўная мэта Фестывалю AD.NAK! — спрыяць далейшаму развіццю рэкламна-камунікацыйнага рынку Беларусі і аб’яднанню прафесіяналаў вакол новых форм масавай камунікацыі, дзе мова робіцца больш важным складнікам усяго комплексу, упэўніць як мага больш беларускіх кампаній па-іншаму глядзець на свае брэнды і на свайго спажыўца, на формы і сродкі камунікацыі брэндаў з аўдыторыямі.

Удзел у Фестывалі БЯСПЛАТНЫ.

У мінулым годзе Фестываль зрабіўся рэкордным па колькасці ўдзельнікаў і пададзеных работ — было атрымана больш за 300 заявак ад больш чым 100 удзельнікаў!

 

Добавить комментарий