Be2gether сёлета ня будзе

Музычны фэстываль Be2gether у гэтым годзе не адбудзецца. Прычына — валютны крызыс у Беларусі, а таксама праблема зь фінансаваньнем фэсту з эўрапейскага боку. Арганізатары абяцаюць правесьці пяты Be2gether у годзе наступным.

«Мінулы год паказаў, што фэстывалю на літоўскім рынку яшчэ цяжка выжыць выключна за кошт продажу білетаў. Ён патрабуе значных інвэстыцый», — заявіў літоўскаму выданьню 15min.lt бізнэсмэн Гедрус Клімкявічус, які папярэднія чатыры гады займаўся арганізацыяй фэсту.

«Мы падалі заяўкі і ўсё яшчэ чакаем адказу з эўрапейскіх фондаў. Вядзем перамовы аб інвестыцыях з Украінай, але пакуль не знайшлі рашэньне, якое б задаволіла абодва бакі. Але час не чакае. На прыняцьце рашэння аб фэстывалі гэтага году паўплывала і дэвальвацыя рубля ў Беларусі», — сказаў Клімкявічус.

Каля траціны наведвальнікаў прыязджала на Be2gether зь Беларусі.

Аднак галоўная праблема — зьмена «вятроў» на фінансавым і фэстывальным рынку Эўропы. Папярэднія партнэры болей не супрацоўнічаюць з фэстам, а новых інвэстараў хутка знайсьці не атрымалася. Былі размовы нават аб пераносе пляцоўкі правядзеньня фэсту. У выніку сёлета ад Be2gether цалкам адмовіліся.

Па словах арганізатараў, яны спадзяюцца працягнуць традыцыю Be2gether у 2012 годзе.

Фэстываль Be2gether чатыры гады запар праходзіў на мяжы зь Беларусьсю ля маёнтку вядомага літоўскага бізнэсмэну Гедруса Клімкявічуса. У мінулым годзе яго ўдзельнікамі сталі каля 8 тысячаў чалавек. У найбольш пасьпяховыя гады колькасьць гледачоў дасягала 11 тысячаў.

Автор: tut.by

Добавить комментарий