“Беларусь на раздарожжы 1812 года”

200-годдзе вайны 1812 года натхніла беларускіх мастакоў на пераасэнсаванне падзеі, якая пакінула свой след на беларускіх землях. Удзельнікі праекта “Беларусь на раздарожжы 1812 года” звяртаюцца да лёсаў і партрэтаў, эмоцый і перажыванняў больш ахвотна, чым да дэталізацыі элементаў ваеннай рэальнасці, таму лірызм у творах паядноўваецца з трагізмам.

6 снежня 2012 года ў 17.00 у Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна (вул. Гікалы, 4) адбудзецца адкрыццё мастацкай выставы “Беларусь на раздарожжы 1812 года”. Творы беларускіх мастакоў, прысвечаныя ваенным падзеям і іх удзельнікам, прадстаўляюць сабой эмацыйную рэфлексію на тэму чалавечых якасцяў і стасункаў у кантэксце ваеннага ліхалецця. Гэта своеасаблівы погляд “знутры” на вайну, што прынесла вынішчэнне беларускаму боку, але з’яўлялася спробай “перастварыць” мапу Еўропы.

У аснове праекта – творы мастакоў Яўгена Шунейкі (жывапіс, тэкстыльнае мастацтва), Генадзя Драздова (фота, жывапіс), Анатоля Бяляўскага (жывапіс). Да іх далучаюцца мастакі Наталля Белавокая (роспіс па ляўкасу), Уладзімір Сайко (жывапіс), Мікола Аўчыннікаў (акварэль), Рыгор Мяжуеў (акварэль), Віктар Барабанцаў (жывапіс), Віктар Мікіта (графіка), Уладзімір Сытчанка (камп’ютарная графіка).

Асаблівая ўвага ў праекце надаецца жаночаму вобразу – як беларускаму, так і французскаму (маркітанткі). Некаторыя палотны выстаўляюцца ўпершыню.

Імпрэзе ў Мінску папярэднічалі мастацкія выставы ў Вілейцы і ў Мар’інай Горцы, даты адкрыцця якіх 21 і 28 лістапада нагадваюць пра ключавыя падзеі 1812 года.

Такім чынам, у Мінску адбудзецца мастацка-паэтычнае “падсумаванне” тэмы. На адкрыцці выставы “Беларусь на раздарожжы 1812 года” 6 снежня выступяць гісторык, журналіст і краязнаўца Анатоль Валахановіч, літаратарка Валерыя Кустава, даследчык міфалогіі Ірына Клімковіч, гісторык і пісьменнік Віталь Быль, выканаўца музычных балад Уладзімір Еўтух, паэтка Аксана Ючкавіч, рок-гурт “Верасень”. Гледачоў чакае мультымедыйнае суправаджэнне з прадстаўленнем твораў сусветна вядомых мастакоў-баталістаў. Вядучыя – арт-мэнэджары праекта Віка Трэнас і Юлія Новік (прома-група ВЮ).

Аўтар ідэі праекта – Яўген Шунейка. Дызайн афішы – Алесь Фаменка.

Выстава працягнецца да 13 снежня. Уваход вольны. Тэл. (8017) 294 84 03.

Добавить комментарий