Беларускія музыкі стварылі гурт у Польшчы

У польскім горадзе Ўроцлаў у канцы мінулага лета двое беларусаў стварылі гурт Holy Chimp. Вынікам сумеснай працы музыкаў стаў міньён «Z-pad śnіehu…», які гурт прэзентаваў на партале Ultra-Musіc.com.

У склад Holy Chimp увайшлі гітарыст Юрась Resіstor Лявіцкі, вядомы па ўдзелу ў метал гуртах ID:Vision і Inner Resistance, і Алекс Alatheus, які спявае ў готык-гурце Till It Bleeds.

«Так атрымалася, што з Алексам мы выпадкова сустрэліся ва Ўроцлаве, хоць па мінскіх тусоўках былі даўно знаёмыя, — кажа Юрась Лявіцкі. — Нягледзячы на нашае „цяжкое“ музычнае мінулае, мы вырашылі разам граць лягчэйшую музыку, як кажуць, для душы».

Так быў запісаны дэбютны EP Holy Chimp «Z-pad śnіehu…», у які ўвайшлі 3 уласныя трэкі і кавер на песню «Paіn» канадскага гурта Three Days Grace, перакладзены на беларускую мову.

«Ахарактэрызаваць гучанне можна як вельмі меладычнае, памяркоўна-цяжкое (у межах мэйнстрымавай альтэрнатывы і пост-гранжу), з дадаткамі сінці і сімфа, — кажа Алекс Alatheus. — Агульная задумка, нягледзячы на, як падаецца, мінорны настрой, даволі аптымістычная і зафіксаваная ў назве EP і ў канцы фінальнага трэку — „Z-pad śnіehu…“. Дастаткова уявіць сабе парастак, які выбіваецца з-пад снегу, і ўсё становіцца на свае мейсцы».

Хоць гурт існуе менш за паўгады, музыкі стварылі ўжо шмат матэр’ялу і маюць шэраг новых ідэй. «Да запісу EP праект, хутчэй, знаходзіўся ў стане студыйнага, але гэта будзе выпраўлена цягам бліжэйшага часу: зусім хутка мы бярэмся за актыўныя рэпетыцыі», — кажа Юрась Лявіцкі.

Зараз у планах гурта выданне англамоўнага сінгла «The Only Way» і здымкі кліпу на яго. «Будзем чакаць водгукаў слухачоў на наш дэбютны запіс, бо для нас вельмі істотныя чужыя меркаванні. Думаю, ўжо ўлетку мы засвецімся на нейкіх канцэртных пляцоўках», — дадае Юрась Лявіцкі.

 

 

Добавить комментарий