Sciana і Terrakod згуляюць у ракенрол з Жывалеўскім

SCIANAАдна з самых яскравых беларускіх альтэрнатыўных камандаў дае вялікі канцэрт у Мінску праз перапынак у год. 21 сакавіка ў клубе «Піраты» берасцейцы прадставяць ужывую свой новы альбом «Мы застаемся».

Альбом «Мы застаемся» гурт Sciana прадставіў пры канцы 2013 году як «энэргічную, змястоўную ды сэнсава завершаную» працу. У гэтым маглі пераканацца наведнікі прэміі «Даём рады», дзе Sciana намінавалася на «Альбом году» і як след дала чаду на вечарыне, пасля чаго сталічных прыхільнікаў гурту паболела. «Канцэрт 21 сакавіка для нас будзе надзвычай адказным і мы пакажам усё, на што мы толькі здольныя. Сыграем песні, якія ад нас чакаюць, але будуць і сюрпрызы», — кажа вакаліст каманды Павел Прохараў. Вядома ж будзе і «Вясна.by», і «Make Yourself», і «Калыханка», і «Ліхтары». Загалоўны нумар  альбому «Апошняя песня»  прагучыць у арыгінальным выглядзе – дуэтам з Касяй Леванюк, чароўнай вакалісткай гурта Terrakod.

Апошні  выступіць у якасці аднаго з гасцей прэзентацыі. Пасля скандальнага восеньскага зняцця каманды з эфіраў польскага тэлешоў Tylko Muzyka разам з паловай трапіўшых туды музыкаў, каманда засяродзілася над студыйнай працай над альбомам і выступаў не давала. Таксама ў канцэрце возьме ўдзел Федзя Жывалеўскі, гуру беларускага панку з гурта «Голая манашка», кожны канцэрт каторага можа стаць апошнім. Ён сыграе эксклюзіўны сэт.

Канцэрт пройдзе ў межах акцыі «Жывы Тузін», якую ладзіць партал Tuzin.fm разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі». Упершыню яна адбудзецца ў новым месцы – у мінскім клубе «Піраты», што непадалёк ад станцыі мэтро «Пралетарская». Квіткі на вечарыну вырашана зрабіць максімальна даступнымі. Яны ўжо з’явіліся ў продажы.

Квіткі: 70 000 (танцпляц), 90 000 (столік) – папярэдне, 90 000 (танцпляц), 120 000 (столік) – у дзень. Тэлефон для даведак: +375 29 6872093. Квіткі ў касах і на сайце КВІТКІ.BY.

Добавить комментарий