“Будзьма беларусамі!” – пераможца One Short Film Fest!

Анімацыйны фільм “Будзьма беларусамі!” стаў пераможцам фестывалю One Short Film Fest у намінацыі “Анімацыя”. Згодна з інфармацыяй на афіцыйным сайце фестывалю, фільм-пераможца цяпер паедзе на міжнародныя фестывалі — партнёры One Short Film Fest: METRES (Цвер, РФ), АРТ-Кино (Масква, РФ), Манхэтэнскі фестываль (NY, USA) і Kurzfilmtage Winterthur (Цюрых, Швейцарыя).

Кінафестываль ONE SHORT FILM FEST прайшоў у Беларусі другі раз. У фестывалі ўзялі ўдзел кароткаметражныя фільмы ў чатырох намінацыях:

  • — Гульнявое кіно
  • — Дакументальнае кіно
  • — Арт-хаўс
  • — Анімацыя

Пераможцамі сталі стужкі «Чалавек на зямлі» (дакументальны фільм) «Добрай раніцы, зорны свет!» (арт-хаўс) і «Irrelative» (гульнявое кіно).

Мультыплікацыйны фільм «Будзьма беларусамі!» выйшаў на маніторы краіны і цэлага свету ў межах супольнага праекту культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!» і партала TUT.BY – «БудзьмаTUT». Першая спроба паказаць за пяць хвілінаў тысячагадовую гісторыю Беларусі сабрала за гэты час амаль мільён праглядаў на розных рэсурсах у сеціве. 28 траўня споўніцца год з моманту першай дэманстрацыі анімацыйнага фільма, які ўжо стаў прэцэдэнтам у сучаснай беларускай культуры.

Добавить комментарий