Дадатковы канцэрт гурта «Стары Ольса» адбудзецца 18 лістапада

Аматары сярэднявечнай музыкі ў цэлым і гурта «Стары Ольса», якія не паспелі набыць квіткі на вялікі сольны канцэрт калектыва, што адбудзецца 17 лістапада ў Палацы культуры ветэранаў, атрымалі выдатны падарунак — дадатковы канцэрт «Старога Ольсы», што мае адбыцца 18 лістапада.

Лідар гурта Зміцер Сасноўскі адзначыў, што напачатку музыкі планавалі зладзіць два ідэнтычныя канцэрты з аднолькавай праграмай, але потым вырашылі арганізаваць бонус для самых адданых прыхільнікаў. Наведвальнікі і першага, і другога канцэртаў атрымаюць магчымасць замовіць любімую песню з рэпертуара гурта і тут жа паслухаць яе ў выкананні «Старога Ольсы».

На дадзеным этапе творчасці гурт амаль ператварыўся ў навуковую лабараторыю. Справа ў тым, што ўсе ноты старадаўняй музыкі, напісаныя сучаснай нотнай транскрыпцыяй, — ужо кімсьці прачытаныя і адаптаваныя да выканання: вызначана танальнасць, тэмп, даўжыня нот. Але «Стары Ольса» цяпер працуюць з копіямі арыгінальных нотных аркушаў і перачытваюць іх самастойна. Вось і атрымліваецца, што некаторыя старажытныя мелодыі ў выкананні гурта гучаць зусім па-новаму.

Апроч знаёмых мелодый са старажытнага «Полацкага сшытка», на канцэрце прагучаць дзве новыя песні. Будзе прадстаўлены і новы інструмент — нямецкая лютня. Яе не так даўно гурт набыў у Германіі. З выкарыстаннем новай лютні «Стары Ольса» зайграюць каверы на кампазіцыі, якія даўно не выконваліся на канцэртах.

За час актыўнай дзейнасці (з 1999 года) гурт «Стары Ольса» выдаў 8 дыскаў, з іх найбольш знакавыя — «Гераічны эпас. Спевы рыцараў і шляхты Вялікай Літвы», прысвечаны песням пра рыцараў і рыцарскім песням перыяду з канца XIV да канца XVII ст., і дыск «Дрыгула», прысвечаны «Полацкаму сшытку». Апроч удзелу ў сумесных праектах, зборніках сярэднявечнай музыкі, музыкі запісалі аўдыёаповесць паводле навелы Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя Роспачы».

Добавить комментарий