«Джанга»: як адны фільмы перацякаюць у іншыя (+ відэа)

Нямецкі паляўнічы за галовамі Шульц і негр Джанга ў пацешным фіялетавым камзоле катаюцца па паўднёвых штатах ЗША напярэдадні Грамадзянскай вайны і адстрэльваюць злачынцаў. У нейкі момант Шульц на знак падзякі прапануе дапамагчы Джанга вызваліць яго жонку, якую разам з дзясяткамі суродзічаў у сваім маёнтку катуе маляўнічы расіст-памешчык Кэлвін Кэндзі.

Фільмам «Джанга» адзначаецца своеасаблівы юбілей у творчасці Квенціна Таранціна. Дзесяць гадоў таму ён перапрыдумаў сябе, замяніўшы ўдачлівага і насмешлівага індзі-рэжысёра на аўтара дарагіх камедыйных аплікацый са старога кіно. Насуперак абсалютна здзеклівай фактуры (усе белыя ў фільме ненавідзяць чорных, а артыст Ды Капрыё раз на пару хвілін як-небудзь па-новаму зневажае сваіх рабоў, гучаць нават легкадумныя жарты пра Ку-клукс-клан) на фільм у прынцыпе немагчыма пакрыўдзіцца або ўспрыняць яго сур’ёзна. Як і ўсе астатнія работы рэжысёра з часоў «Забіць Біла», «Джанга» — не пра сутыкненне рэальнасці і выдумкі, а пра тое, як адны фільмы перацякаюць у іншыя.

Лінія з жывадэрскім маёнткам і гладыятарскімі баямі рабоў акуратна спісаная з фільма «Мандынга» — прыкметнага ў сваёй дзікасці выхаду вялікай кінастудыі на тэрыторыю танных блэксплатэйшнаў — фільмаў, зробленых чорнымі для чорных. Знарочыстая крыважэрнасць з не менш дзікага італьянскага вестэрна пад назвай, уласна, «Джанга». Прозвішча жонкі Джанга — Шафт, як у героя галоўнага блэксплатэйшна 70-х. Цудоўныя акцёры (з трох галоўных герояў — «Оскара» няма толькі ў Леанарда Ды Капрыё) малююць людзей, у якіх няма ніякай асаблівай перадгісторыі і якія проста пераходзяць у новыя дэкарацыі: б’юцца на пацеху беламу вылюдку з «Мандынга», забіваюць адзін аднога, як у італьянскім вестэрне, застаюцца моцнымі і прыгожымі (калі чорныя) або паміраюць (калі белыя), як у блэксплатэйшнах. Сама логіка паводзінаў персанажаў вынікае не столькі з характараў, колькі з законаў жанру — зразумець бязмежную адданасць Кэндзі, пажылога чорнага служкі, немагчыма, але калі глядзець на іх адносіны як на пародыю на Скарлет О’Хара і Мамушку, то ўсё робіцца максімальна лагічна. Жанраў адразу некалькі, матывацыі накладваюцца адно на адно, уступаючы ў камічную канфрантацыю.

Любога іншага рэжысёра такое абыходжанне з рэальнасцю канчаткова пацягнула б на дно, але Таранціна даўно натрэніраваў сябе да таго стану, калі можа казаць абсалютна ўсвядомленыя рэчы выключна цытатамі. Яго эрудыцыя па-ранейшаму настолькі дзіўная, што нават там, дзе ён механічна блазнуе з малавядомымі фільмамі гледачу бачацца захапляльныя сцэны і хвацкія жарты. Што ўжо казаць пра моманты, калі ён аддаецца натхненню: перастрэлкі выкананыя з запалам і фантазіяй — нібы падлеткам, які дарваўся да вялікага бюджэту, кожны ўсхліп пышна і дасціпна падабранага саўндтрэка сустракаеш натуральна з захапленнем. Сама тэма моцных чорных людзей рэжысёру выдатна знаёмая і горача ім любімая. Увогуле гэта і ёсць адзіная істотная прэтэнзія да «Джанга»: добра і займальна зробленае кіно здаецца пустым і надуманым як толькі згадваеш, што проста перад сваім ператварэннем у цяперашняга перасмешніка Таранціна зняў роўна на гэтую ж тэму фільм «Джэкі Браўн”, дзе было прыкладна тое ж самае (аж да Сэмуэля Л. Джэксана ў ролі дрэннага негра), толькі з вельмі, вельмі вялікім сэрцам.

Сэмуэль Л. Джэксан спрабуе вымусіць журналіста вымавіць слова “нігер” падчас гутаркі пра фільм:

источник: budzma.org

Добавить комментарий