Грамадская кампанія «Рок-салідарнасць» абвяшчае творчы конкурс “White strikes”.

Грамадская кампанія «Рок-салідарнасць» абвяшчае творчы конкурс
“White strikes”. Яго мэта – падбадзёрыць забароненых беларускіх
рок-музыкаў і засароміць чыноўнікаў, якія ва ўпор не бачаць “чорных
спісаў” пад сукном сваіх працоўных сталоў.

Легендарныя “чорныя спісы” забароненых у Беларусі рок-музыкаў да такой
ступені надакучылі фэнам, што яны пачынаюць смяяцца з праблемы.

“Музыкі з чорнага спісу пастаўленыя ва ўмовы паўпартызанскага
існавання. Ні канцэртаў, ні сустрэч з фэнамі. Да таго ж – поўны ігнор
з боку чыноўнікаў, — расказвае адзін з актывістаў кампаніі Вітаўт
Пазьнякевіч – Тут адно што выць, а не пець застаецца”.

Але ў беларускай гісторыі былі моманты, калі толькі творчасць
дазваляла людзям выжыць і не страціць веру ў перамогу, кажа Вітаўт:
“Узгадайце гумарыстычную газету-плакат “Раздавім фашысцкую гадзіну!”,
якую рэдагаваў Кандрат Крапіва. Вось мы і падумалі: па старой
партызанскай традыцыі, варта даць кухталёў вузкалобасці і
абмежаванасці некаторых адказных таварышаў. І нагадаць нашым
рок-музыкам: усміхніцеся – мы з вамі!”

Творчы конкурс у падтрымку забароненых музыкаў і супраць
“чорнаспіснага” самаўпраўства называецца “White strikes”. “Вы што!!!
Мы ні ў якім выпадку не мелі на ўвазе якія-небудзь страйкі. Толькі
творчасць. Мы за мір і гумар! А наконт сугучнасці назваў конкурса і
вядомай групы “White stripes”… Спадзяюся, Мэггі і Джэку Уайтам пасля
нашай ініцыятывы ўсё ж выдадуць беларускую візу”.

Аўтары конкурса падкрэсліваюць: галоўнае ў працах – ніякага негатыву,
слёз са стогнамі і абразаў людзей. Толькі ядроны гумар, выпальваючы
сарказм і бранябойны крэатыў: “Мы за рок-зорак і супраць культурнага
цемрашальства. Рок, салідарнасць, вясна, каханне – гэта тое, што ніхто
не можа забараніць!”.

Удзельнічаць у конкурсе можа кожны – узрост не абмежаваны. Прымаюцца
любыя творчыя працы: малюнкі, плакаты, банеры, сайты, мультымедыйныя
прэзентацыі, відэаролікі, фотасэсіі, вершы, апавяданні, эсэ, калажы,
музычныя кампазіцыі – усё, што падкажа фантазія.

Дасланыя працы будуць апублікаваныя на сайце www.belmusic.org, а
таксама перададзеныя музыкам. Лепшыя працы стануць асновай
спецыяльнага кампакт-дыску «Рок і салідарнасць».

Усе аўтары добрых працаў атрымаюць прызы: абанементы на розныя
рок-канцэрты, кампакт-дыскі і кнігі з аўтографамі спісавых музыкантаў.
А гранд-пераможца атрымае самы галоўны прыз: яго праца будзе
растыражаваныя на значках, вокладках дыскаў, майках, сумках і іншых
носьбітах. Таксама удзельнікаў чакае вечарына ў кампаніі сваіх любімых
музыкаў!

Працы прымаюцца да 1 красавіка 2012 года. Дасылаць працы на e-mail:
rok.salidarnasc@gmail.com з пазнакай “White strikes”. Па гэтым жа
адрасе можна атрымаць усе кантакты і даведкі. Працу можна пазначаць
нікнэймам.

Даведка:
Рок-салідарнасць – грамадская кампанія ў падтрымку рок-музыкаў, якія
трапілі ў “чорны спіс. Кампанія, створаная актывістамі грамадскіх
арганізацый і аматарамі айчыннай рок-музыкі, распачалася 10 снежня
2011 году, у Дзень абароны правоў чалавека. Стартаваўшы у Мінску, на
сёння кампанія закранула Магілёў, Наваполацк, Віцебск і іншыя гарады
краіны. Актывісты кампаніі працягваюць інфармаваць насельніцтва пра
так званыя “чорныя спісы” і пра забароны канцэртаў.

Старонкі кампаніі ў сацыяльных сетках:
http://vkontakte.ru/club31472006
http://www.facebook.com/groups/159259177503512/

Добавить комментарий