«LIVEinROCK» – прыём заяваў на конкурс маладых гуртоў

Полацкі рок-клюб разам з паэткай Лерай Сом у шосты раз ладзяць фэстываль «LIVEinROCK» і абвяшчаюць прыём заяваў на конкурс маладых гуртоў. «Мы хочам падтрымаць перадусім тых выканаўцаў, якія вырашылі сьпяваць па-беларуску і будзем рады бачыць таленавітых музыкаў у Полацку», – заяўляюць арганізатары. Канцэрт адбудзецца ў полацкім «ДК Шкловалакно» 15 сьнежня.

Полацкі рок-клюб з дапамогай паэткі Леры Сом ладзіць рок-фэст ужо шосты год запар. У 2007-2008 гадах ён меў назву «Ноч Ваўкалака». Такім чынам арганізатары аддалі даніну павагі полацкаму князю Усяславу Чарадзею, але мясцовыя ідэолягі настойліва параілі назву зьмяніць, таму цяпер фэст называецца нэўтральна – «LIVEinROCK». У розныя часы пераможцамі фэсту прызнаваліся гурты «Да!Бл…», Jenowa, «Інфра-чырвоны выдых» і Metalgues.

Як распавядае завадатарка фэсту Лера Сом, асноўная мэта мерапрыемства застаецца нязьменнай. «Мы хочам падтрымаць тых выканаўцаў, якія вырашылі сьпяваць на беларускай мове. І мы радуемся, як дзеці, калі штогод атрымліваем вялікую колькасьць заяваў адпатэнцыйных канкурсантаў. Гэта значыць, што наша мова жыве».

Сёлета фэст мяркуецца правесьці 15 сьнежня на адной з самых вялікіх канцэртных пляцовак Полацку – ДК «Шкловалакно». Зараз вядуцца перамовы з хэдлайнэрам, які мае стаць славуты беларускі гурт.

Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаюцца на e-mail: liveinrock2009@gmail.com да 30 лістапада ўключна. У заяўцы павінна быць указана назва гурта, кароткая інфармацыя пра гурт, кантактная інфармацыя, фота, ня больш за дзьве песьні ў фармаце mp3 (толькі на беларускай мове), тэксты песень, якія будуць выконвацца на конкурсе. Па традыцыі, акром віншаваньняў, пераможцу чакае і прыемны бонус – бясплатны запіс песьні ў прафэсыйнай студыі ў Менску.

Нязьменны інфармацыйны партнэр фэсту «LIVEinROCK» – інтэрнэт-партал Tuzin.fm.

Добавить комментарий