NAKA: містычны канцэрт у двух дзеях

NAKA 28 лістапада гурт Naka заграе вялікі сольны канцэрт у двух дзеях. У першым аддзяленні каманда выступіць у акустыцы, а ў другім выканае паўнавесную электрычную праграму.  Выхад альбому Naka piano падзяліў аматараў калектыву і аб’яднаны канцэрт у клубе  Re:public дазволіць раз і назаўжды разабарацца, якая ж Naka — «сапраўдная». Пошуку ісціны дапаможа містычны дзень канцэрту – 28 лістапада ў гэтым годзе сыходзяцца ў адну кропку габрэйская Ханука, будысцкі Зула Хурал і пачатак Піліпаўскага паста.

Прадэманстраваць публіцы «двзе версіі аднаго гурта» музыкі вырашылі яшчэ на этапе выхаду альбому Naka piano. «Была выданая на дыску і цёпла прынятая слухачамі праграма нашага дуэту з Ірынай Кліменка, — каментуе лідар гурта Наста Шпакоўская, — І мы падумалі: а чаму б не зрабіць выступ у двух варыянтах  Nakа адразу?  Некаму больш да спадобы Naka piano, некаму — Naka у яе традыцыйным, болей цяжкім гучанні.  Наш выступ – цудоўная нагода разабрацца ў сваіх густах і падзяліцца меркаваннямі адно з адным».

У праграму канцэрта ўвойдуць лепшыя песні з усіх альбомаў каманды, а таксама некалькі зусім новых кампазіцый. У пачатку кастрычніка Наста Шпакоўская ўзяла ўдзел у праекце «Апошні золак», дзе выканала ўжо вядомую «Чакаем» ды абсалютна новуюю «Памылка». Апошняя нагадала ўсім, што Naka заўжды была і застаецца класічным рок-гуртом, не гледзячы на замілаванне крытыкаў акустычным праектам Naka piano:

NAKA«Альбом Naka piano запісаны ў жанры салённага сьпеву на сучасны лад. Музыка для ўтульных месцаў, куды толькі здольнае ўцісьнуцца фано. Аднак з энергетыкай, якая ўласьцівая Насьце ды Ірыне, яна загучыць і на шырокі абсяг»; «Тандэм атрымаўся прыўкрасным! З акуратным фано-абалонкай; з жорсткімі і амаль крохкімі тэкстамі без папсовых слоўных фінціфлюшак і як бы сэнсаў; з голасам Насты, які то зрываецца ў смяротнае, нэрвовае піке, то стомлена імкнецца быць пяшчотным». – сышліся ў меркаваннях Сяргей Будкін і Алег Клімаў, альфа і амега беларускай музычнай журналістыкі.

Пасля вялікага канцэрту гурт выправіцца ў зімні міні-тур па гарадох СНД. На гэтых канцэртах Naka выступіць як у электрычнасці, так і ў акустыцы, аднак паўтараць падобны, «двайны», канцэрт гурт не плануе нідзе, акрамя Мінска.

Добавить комментарий