«Палац» спраўляе юбілей двума новымі рэлізамі

У год свайго 20-годдзя гурт «Палац» прадстаўляе адразу два новых дыскі – свой пяты нумарны альбом «Кола грукатала» і сайд-праект «Салдат-доктар».

Новы альбом «Кола грукатала»

У пяты нумарны дыск гурта «Палац» увайшло 10 песень, праца над якімі вялася цягам амаль 10 гадоў. Большасць рэчаў належыць аўтарству Хаменкі, але ўсе яны звязаныя з беларускімі легендамі і паданнямі. «Для нас гэта крыніца натхнення. Мы перакананыя ў тым, што трэба браць тэмы, звязаныя з беларускай гісторыяй і на іх падставе ствараць аўтарскія тэксты. Інакш фольк-музыкі заганяюць самі сябе ў тупік»,  – кажа лідар «Палацу». Кожная з песень альбому прысвечана канкрэтнаму святу ці падзеі. Загалоўны нумар звязаны з святам Сёмухі, «Хай месяц» з старадаўняй прымаўкай, «Прыляцела ластаўка» з святам Пятра і Паўла. Твор «Праваджала маці сына» Хаменка напісаў на падставе ўзгадкі пра песню, якую спявалі касінеры Каліноўскага «Ой лёлі, каліна, чырвань ягада горкая».  Да ўсяго ў альбоме прысутнічаюць дзве новыя рок-версіі старых «палацаўскіх» гітоў «Русалкі» і «Страла», а таксама цікавыя бонусы.

Праект «Салдат-доктар»

Гэты дыск можна назваць сайд-праектам удзельнікаў гурта.  Музычная прыпавесць «Салдат-доктар» створаная паводле аднайменнай казкі, якая была запісаная пры канцы 19-га ст. у вёсцы Глыбава на Магілёўшчыне фалькларыстам Еўдакіем Раманавым. Іншае прачытанне казкі распавяла Марыя Іванаўна Бурава з вёскі Тупічына на Віцебшчыне. Частку гэтай казкі Францішак Аляхновіч выкарыстаў у сваёй п’есе «Круці не круці — трэба памярці».

Алег Хаменка даследаваў яе, і ўсё, што зьвязана з гэтым сюжэтам, цягам васьмі гадоў і вось як ён сцісла перадае сэнс твора: «Гэтая казка можа быць яркай ілюстрацыяй таго, якім ёсць беларус на самой справе, з усімі ягонымі праблемамі, комплексамі ды страхамі». Выканаўца папярэджвае, што казка разлічаная на аўдыторыю пасля 10 гадоў і раіць паслухаць яе перадусім дарослым.

20-годдзе гурта «Палац»

Афіцыйна лічыцца, што гурт «Палац» быў заснаваны ў красавіку 1992 году, але на самой справе каманда сфармавалася на тры гады раней. Гісторыя «Палаца» пачалася на вяселлях. Менавіта там было прынята замаўляць песні, прычым такім чынам, каб музыкам было няпроста выканаць замову. «З савецкай эстрадай усё было ясна, сыграць нешта з таго, што круцілася тады па радыё і тэлебачанні для нас праблемы не складала. А вось калі пачыналі спяваць старыя жанчыны, мы не маглі нічога падыграць. Калі мы слухалі іх спевы, то проста не маглі зразумець, як далей рухаецца гармонія і як пойдзе голас», — распавядае лідар «Палацу». Музыка вырашыў гэтыя песні запісваць, каб пазней разам з калегамі развучыць ды апрацаваць іх. Так і з’явіліся першыя творы гурта, які заснуе неўзабаве новы стыль — фольк-мадэрн, а ў 1993 годзе ўвойдзе ў дзясятку найлепшых калектываў Усходняй Эўропы. Менавіта з «Палацу» ў Беларусі пачнецца масавае захапленне фальклёрам, а дакладней яго перасэнсаваннем на розны манер.  «Палацаўцы» безумоўна ўзбагацілі беларускую культуру. Удзельнікі гурта потым заснуюць свае праекты – URIA і KRIWI, з KRIWI нарадзіцца яшчэ шэраг новых праектаў, у тым ліку WZ-orkiestra Змітра Вайцюшкевіча. Сваю музыку ў межах «Палацу» ствараюць яе ўдзельнікі — Сяргей Трухановіч, Dj Ray, Юры Белякоў, Зміцер Карабач. Кожны з тых, хто прайшоў праз гэты гурт адбыўся, як самастойны музыка.  І гэта мусіць самае вялікае дасягненне каманды.

Добавить комментарий