Праект «Чорна-белыя вершы» вяртаецца на экраны Беларусі

Паэтычны відэапраект грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!» «Чорна-белыя вершы» распачынае другі сезон. Са студзеня па травень наведнікі парталу budzma.org убачаць новыя відэазамалёўкі з удзелам творцаў розных пакаленняў. Рэдкі ў наш час сапраўдны інтэлектуальны серыял, кожная серыя якога чаканая (шточацвер!), а мараль — сапраўдная.

Спажыўцы трэш-літаратуры, інтэлектуальнай філалагічнай верлібрыстыкі, вершаў пра Радзіму і духоўнасць, эмацыйна-аўтаматычнага пісьма, плыні свядомасці і г.д. — кожны шукае тое, што адпавядае яго літаратурным густам. Хай кожны самастойна дасць сабе адказ на пытанне, што ў літаратуры добра, а што — кепска.

«Чорна-белыя вершы» — зрэз сучаснага стану літаратуры, летапіс літаратурнай рэчаіснасці. Асаблівасць творчага светапогляду беларусаў найлепш выяўляецца ў сціплых і працавітых творцах. Нехта ўжо цяпер — еўрапейская зорка, нехта — яшчэ не. І калі хтосьці засумняецца ў тым, што гэта ўсур’ёз і надоўга, проста паверце, што вечнасць пачынаецца тут.

Добавить комментарий