Гурт «Да!Бл…» прэзэнтуе першы студыйны альбом «Эпоха мод»

Нарачанскі рок-гурт «Да!Бл…» запісаў свой першы студыйны альбом «Эпоха мод» і прэзэнтуе яго на сайце Ultra-Music.

Гурт «Да!Бл…» заснаваны ў 2003 годзе двума сябрамі-аднаклясьнікамі Віктарам Марозам і Віталём Ананькам у вёсцы Нарач Менскай вобласьці, дзе існуе да гэтага часу. Пройдзячы праз крызіс у 2006 годзе, калі гурт згубіў рэпэтыцыйную кропку і большасьць музыкаў, гурт не спыніў сваё існаваньне. Віктар Мароз назьбіраў новы склад, запісаў «гаражны» альбом «Пачвара» і пачаў актыўна канцэртаваць. У 2009 годзе на фэстывалі-конкурсе «Ноч Ваўкалака» у Полацку гурт «Да!Бл…» атрымаў адразу два прызы — глядацкіх сымпатыяў і гран-пры. З гэтага ж часу гурт пачаў працаваць над сваім першым студыйным альбомам «Эпоха мод», які і прадстаўляе 11 чэрвеня.

«Гучанне альбому выйшла дастаткова неадназначным. Тут і „чысьціня“ і „выпрасаванасьць“ („Дазволь“), і амаль поп-панкавая „Цягнік“. Але галоўнае — мы захавалі „жывасьць“ ды гэтакае гранжавае адценьне, — распавядае пра плытку фронтмэн гурта Віктар Мароз. — Альбом атрымаўся як „калейдаскоп зь некалькіх дзён некалькіх „тыповых“ прадстаўнікоў „эпохі мод“, з рознай ступеньню адэкватнасьці і ўнутранай аб’ектыўнасьці“. Таму што мы, хочам гэтага ці не, зьяўляемся часткай існуючай на дадзены момант рэчаіснасьці. А вось ступень крытычнасьці і самакрытычнасьці, аб’ектыўнасьці да сябе і да асяродку, надае кожнаму з нас тое, што адштурхоўвае ці вабіць нас адзін ад аднаго і да ўласнага адбітку ў люстэрку».

У альбом «Эпоха мод» увайшлі 9 песьняў і 2 бонус-трэкі. Альбом запісваўся напрацягу амаль 2 гадоў на вілейскай студыі Аляксея Сяліцкага і выдаецца гуртом самастойна, невялікім накладам, для продажу на канцэртах, а таксама на сайце Ultra-Music.

«Усе песьні, акрамя акустычных („Знак павуцін“ і „Сьнег“) выконваліся ў час канцэртаў, а „Сьнег“ увогуле, была напісана як „песьня для вечарынаў“, — кажа Віктар Мароз. — Аднак яна так усім запала ў душу, што было вырашана зьмясьціць яе на альбоме». Песьні „Сенсацыі“ і „Параноя“ ўдзельнічалі ў інтэрнэт-галасаваньні «Тузін Гітоў». „Параноя“ нават увайшла ў зборнік „Прэм’ер Тузін-2009“».

Канцэрты-прэзэнтацыі ўжо адбыліся ў Вялейцы і Паставах. Неўзабаве гурт выступіць у Менску ў межах акцыі «Жывы Тузін».

Спампаваць альбом «Да!Бл…» «Эпоха мод»: http://ultra-music.com/belarus/4371

Добавить комментарий