Шалёнае адкрыццё фестывалю AD.NAK

Арганізатары фестывалю AD.NAK вырашылі парушыць звыклую традыцыю па пераразанні стужачкі і распілавалі сімвалічны шлагбаўм бензапілой. Дзея будзе складацца з дзвюх частак — адукацыйнай і ўрачыстай. Сёння стануць вядомыя імёны найлепшых беларускамоўных рэкламістаў.

Другі фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK праходзіць пад слоганам «Шаленства ў краіне рэкламы». Таму і адкрыць яго вырашылі адпаведным чынам. «Мы ж не можам проста стужачку нажніцамі разрэзаць», — заявіў адзін з арганізатараў дзеі Сяргей Скараход і запрасіў прадстаўніка сусветна вядомай кампаніі Husqvarna, які бензапілой распілаваў сімвалічны шлагбаўм, каб удзельнікі і госці Фестывалю трапілі ў памяшканне Міжнароднага адукацыйнага цэнтра.

«Цягам дня нас усіх чакае бязмежнае шаленства!» — паабяцала каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ніна Шыдлоўская перад узняццем сцяга фэсту.

У 11 гадзін распачалася адукацыйная частка AD.NAK. Удзельнікі Фестывалю працуюць у двух семінарскіх блоках. Да 17-й гадзіны пройдзе 12 семінараў, якія будуць весці майстры сваёй справы — вядомыя беларускія рэкламісты, мэнэджары, юрысты. А ўвечары распачнецца цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і музычная праграма з удзелам трыё Канстанціна Гарачага, Вінсэнта, гуртоў Dali, «Разбітае сэрца пацана» і «У нескладовае».

Глядзець фотарэпартаж з адкрыцця

Добавить комментарий