Vinsent, Botanic Project і Amaroka возьмуць удзел у канцэрце «Салідарны зь Беларусьсю — 2012»

Акцыя «Салідарны зь Беларусьсю — 2012» сёлета пройдзе ў Гданьску з 23 да 25 сакавіка. У яе межах заплянаваны паказ беларускіх дакумэнтальных і мастацкіх фільмаў, фотавыстава і канцэрт беларускіх камандаў. Сёлета да ўдзелу запрошаны Vinsent, Botanic Project і Amaroka. Яны выйдуць на сцэну клюбу «Buffet» увечары 25 сакавіка.

Адной акцыяй арганізатары ня думаюць абмяжоўвацца. Акром Гданьску, канцэрты заплянаваныя ўвесну ў Варшаве і Шчэціне. Пакуль вядуцца перамовы зь іх патэнцыйнымі ўдзельнікамі.

Першы канцэрт «Салідарны зь Беларусьсю» прайшоў у 2006 годзе. Цікава, што запіс песьні «Аўтабіяграфія» ў выкананьні Ігара Варашкевіча і Лявона Вольскага стаў галоўным беларускім гітом году па вэрсіі «Тузіна Гітоў». З таго часу акцыя стала штогадовай. Яе адметнасьцю было тое, што на адной сцэне выступалі, як беларускія, так і польскія музыкі. Выконвалі як свае песьні, так і гіты часоў польскай «Салідарнасьці». Да 2009 году дзея адбывалася ў цэнтры Варшавы. Заплянаваны ў 2010 годзе чарговы канцэрт быў адменены з-за нацыянальнай жалобы. Акцыя аднавілался летась і прайшла адразу ў некалькіх польскіх гарадах.

 

Добавить комментарий