«Drum Ecstasy» вандруюць па Беларусі і плануюць выдаць альбом абмежаваным тыражом

Галоўныя барабаншчыкі нашай краіны, гурт «Drum Ecstasy», пасля двухгадовай паўзы выправіліся ў тур па гарадах Беларусі. Музыкаў чакаюць у Наваполацку, Віцебску, Салігорску, Брэсце, Пінску. Па словах фронтмэна каманды Філіпа Чмыра, пачатак туру выдаўся паспяховым: людзі «набіваюць» залы.

Філіп Чмыр: «Усё ў парадку. Мы вельмі рады. Напрыклад, у Баранавічах быў выдатны поўны клуб, хоць мы там выступалі ўпершыню. Прыемна, што гэты клуб нічым не адрозніваецца ад стандартных еўрапейскіх клубаў («Жара» – аўт.). Мы спадзяемся, што паўсюль будзе такі добры прыём, бо мы толькі выступілі пакуль у двух гарадах – Гомелі і Баранавічах».

Новую праграму гурта пад назвай «Слухаць гучна» ўжо маглі пачуць мінчукі падчас «Фестывалю іншай культуры», што днямі адбыўся ў «Рэактары». Замежным прыхільнікам «беларускіх барабанераў» давядзецца дачакацца восені – менавіта тады гурт выправіцца ў тур па Расіі, а зімой наведае краіны Еўропы.

Паводле Філіпа Чмыра, новую праграму гурта ў хуткім часе можна будзе паслухаць у інтэрнэце, а ў верасні яна павінна з’явіцца на CD-носьбітах у абмежаваным тыражы.

Філіп Чмыр: «Новыя песні амаль гатовыя. Мы выкладзем іх у бліжэйшыя некалькіх тыдняў на сваім сайце і на партале tut.by таксама. А ў верасні магчыма, што калі нейкая з кампаній захоча выдаць дыск, а мы вядзем перамовы, то абмежаваным тыражом выпусцім дыск. Вельмі абмежаваным».

Наведваць вядомыя і не надта вядомыя еўрапейскія летнія фэсты «Drum Ecstasy» сёлета не збіраюцца – шмат высілкаў патрабуе праца над новым матэрыялам. Аднак сядзець на месцы музыкам таксама не даводзіцца: толькі што яны вярнуліся з расійскага Іванава, дзе адкрывалі фестываль імя Таркоўскага, а праз дзень ляцяць у Ерэван падтрымліваць аматараў Еўрабачання, якія збяруцца на галоўнай плошчы горада «заўзець» за прадстаўніцу Арменіі на конкурсе ў Осла.

P.S.: У красавіку 2010 гурт выклаў першую частку свайго альбома «Слушать громко» тут.

Тэкст: Маша Лагодзіч
«Еўрарадыё»

Добавить комментарий