Гістарычная вандроўка на Дзень Рэфармацыі

На сцэне мінскага “Маладзёжнага тэатра эстрады” адбыўся святочны канцэрт, прысвечаны Дню Рэфармацыі. У Беларусі свята Рэфармацыі ўжо паспела набыць свае яскравыя адметнасці, традыцыю і прыцягнуць увагу грамадскасці. Гэтым разам тэатр ізноў сабраў поўную залу гледачоў, якія сёлета вымушаны былі літаральна паляваць на квіткі.

“Глядач у цёмнай тэатральнай зале заўжды чакае таго моманту, калі запаліцца святло, а словы актораў напоўняць зместам павіслую цішыню. Падобная сітуацыя была ў  Еўропе перад тым, як у XVI ст. Марцін Лютар прыбіў 95 тэзісаў супраць індульгенцыяў да дзвярэй Вітэнбергскага сабору і зрабіў Біблію даступнай для нямецкага народу. Рэфармацыя прывяла да таго, што Божае Слова загучала на мовах многіх народаў, запаліўшы шмат святла для людзей. Менавіта Рэфармацыя дала тоеснасць многім еўрапейскім нацыям, у тым ліку і беларусам. Пра гэта мы і хацелі расказаць пад час нашай гістарычнай шоў-вандроўкі” – распавяла рэжысёр канцэрта Алёна Сітнік.

Як і абяцалі напярэдадні канцэрта яго арганізатары, гледача чакала незвычайнае відовішча – экскурс, які ахапіў 5 стагоддзяў ад Францыска Скарыны, які выдаў Біблію па-беларуску ў XVI ст. да Лукаша Дзекуць-Малея, які працягнуў справу Скарыны ў ХХ ст. Тыя, хто быў на канцэрце, паступова пераносіліся з Беларусі ў Чэхію, Германію, Англію і зноў вярталіся на Бацькаўшчыну.

У шоў-вандроўцы арганічна спалучыліся шматлікія тэатральныя і музычныя нумары. Можна было пачуць абвяшчэнне веры канцлерам Мікалаем Радзівілам Чорным і маналог-споведзь вядомага літаратурнага героя Рабінзона Круза. Перад гледачамі прамільгнулі постаці Ёгана Себасцьяна Баха і Адама Міцкевіча. Гучаў знакаміты паланэз “Развітанне з Радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага, а старажытныя танцы вельмі яскрава перадавалі дух сваёй эпохі. Сапраўдным сюрпрызам стаў удзел у канцэрце негрыцянскага гурта “Hair of Christ”, які сваімі спевамі распавёў зале пра гісторыю забароны рабаўладальніцтва ў Англіі, якое адбылося дзякуючы працы евангельскага хрысціяніна Ўільяма Уілберфорса.

Завяршыўся канцэрт спевам “Хай сыдзе Дух Сьвяты!”, які быў падхоплены многімі ў зале. Частка людзей працягвала спяваць і пасля закрыцця заслоны.

Надзея Гарэцкая

Добавить комментарий