«Ляпис Трубецкой» выступіў у Смаленску (першыя фота)

Канцэрт наведала больш за 400 беларусаў, якія прыехалі на цягніках, машынах і 6 аўтобусах.

Вусаты Сяргей Міхалок, неверагодна падобны на схуднелага Фрэддзі Мэрк’юры, чытае вершы і размаўляе з гледачамі пра свабоду і хуткую вясну. Цягам 2 гадзінаў «ляпісы» амаль цалкам выконваюць свае апошнія праграмы «Веселые картинки» ды «Культпросвет». Не забываюцца пра галоўныя хіты з ранейшых альбомаў «Капитал» ды Manifest. І на кароткі час прыгадваюць юнацтва ў новай песні «Ляпис Crew».

Смаленская моладзь кажа, што такога ў горадзе дагэтуль не бачылі. «Ляпісы» жарылі напоўніцу, хаця «гук» у культурным цэнтры «Губернский» і пакідаў жадаць лепшага… Але не гукам адзіным! Гледачы выходзілі з залі, выціснутыя, як лімоны. А беларускія слэмеры так калбасіліся, што разбілі галавамі столь і падчас «Belarus Freedom» сцягнулі са сцэны ахоўніка, каб крыху павалтузіць яго ў натоўпе.

У гэтым незлічоным натоўпе Еўрарадыё раптам заўважае чалавека, які амаль не рухаецца і задумліва глядзіць перад сабой. Натуральна, мы падыходзім да яго.

«Калі я трапіў на гэты жывы канцэрт, я здалёк пабачыў іншае. Гэта і ёсць жыццё! — распавядае ён. — Тое, што Міхалок нам хоча сказаць — ён нам кажа. І мне так стала няёмка, прыкра ад таго, што я не магу гэтага зрабіць… Бо ў мяне няма ўласнай творчасці. Я прадпрымальнік, я не магу сябе так выказаць, як гэта робіць ён. А ён у сваіх песнях і вершах казаў так, што мне хацелася плакаць. Я адварочваўся, каб не адчуваць сябе… Пераводзіў вочы са сцэны на тэлевізар, і мне рабілася лягчэй».

Галоўная зброя Сяргея Міхалка — фантастычная шчырасць, з якой ён выходзіць да гледачоў. У яго ідэі верыш адразу і назаўжды. «Ляпісы» — сапраўдныя рок-зоркі, але застаюцца вельмі простымі ў стасунках. «Вы толькі не крыўдуйце», — кажа гітарыст Руслан Уладыка, адмаўляючыся даць інтэрв’ю. Хіба можна чакаць такой высакароднай ветлівасці ад музыкаў, якія сталі зоркамі ў 2000-я?

Еўрарадыё, як заўжды, трапіла за кулісы канцэрта. Мы паціснулі рукі музыкам перад выхадам на сцэну, а пасля ўзялі аўтограф на самым дарагім, што было з сабой. Але пра гэта крыху пазней. А ніжэй мы выклалі першыя фота з гэтага канцэрта.

Больш фота, а таксама гукі і відэа з’явіцца на сайце Еўрарадыё

Добавить комментарий