Уладзімер Шаблінскі: жыць будучыняй!

«Паехалі ў Шаблі!» — сталася ўжо мантрай беларускіх прыхільнікаў альтэрнатыўных канцэртаў фармату openair. Не палохаюць іх ні адлегласьць (каля 80 кілямэтраў ад Менску), ні зьменлівае надвор’е. Справа ня толькі ў месцы ці ўнікальных музычных праграмах (тут сапраўды ўдаецца зьбіраць, бадай, найлепшых альтэрнатыўных беларускіх музыкаў). Але галоўнае, што вабіць, — людзі, дзякуючы якім і ўзьнікае тая непаўторная атмасфэра сапраўднага сьвята й вольнага паветра. Шаблі сталіся ня проста фэстам, але — стылем, прыхільнікі якога пазнаюць адзін аднаго адразу — па вачах.

Як узьнік хутар, чым ён жыве й у якім напрамку плянуе разьвівацца, распавядае заснавальнік канцэртнай агенцыі «Шаблі» Ўладзімер Шаблінскі.

— Хутар Шаблі вы набылі, здаецца, дзевяць гадоў таму. А калі ўзьнікла ідэя адкрытай канцэртнай пляцоўкі?

Уладзімер Шаблінскі: Мне заўсёды хочацца весьці гэты адлік з моманту зьяўленьня хутару. Але ў сапраўднасьці трохі інакш. У 1996 годзе я звольніўся з «Радыё Бі-Эй» і праз год заснаваў агенцыю «Лінія гуку», якая юрыдычна існуе й дагэтуль, але паўнавартасна не працуе. Мне гэта ўжо не цікава, маю на ўвазе — працаваць у гарадзкой прасторы.

Дзевяць гадоў таму, сапраўды, зьявіўся хутар — месца, куды можна было разам зь сям’ёй зьбегчы з гораду. Пачалі прыяжджаць сябры, сярод якіх шмат музыкаў, распачаліся канцэрты «на траве» для сваіх. Калі стала цесна ў сарайчыку, мы выйшлі на пляцоўку ў двары, людзей усё прыбывала, і я зразумеў, што трэба нейкім чынам гэта ўпарадкаваць.

Так хутар атрымаў статус аграсядзібы, было зарэгістравана прыватнае прадпрыемства «Шаблі». Я нават прапісаўся там, бо маральна мне прыемней плаціць падаткі ў раён.

— Розныя канцэрты вы ладзілі й раней, але, падаецца, што менавіта мінулым летам «Шаблі» сталіся зьяваю, пра якую можна было пачуць ад розных людзей.  

У. Ш.: Мне насамрэч складана гэта зразумець. Я не лічу, што хутар — гэта фэномэн. Шкада, што мы адны, я б хацеў, каб такіх хутароў было болей. У тым жа Валожынскім раёне — 100, а па ўсёй краіне — 500, альбо нават 1000. Тут увогуле ўключаецца мая філязофія бачаньня будучага разьвіцьця краіны.

Мне падаецца, што пэрспэктыва прыйдзе з рэгіёнаў, і разумныя энэргічныя людзі павінны перасяляцца туды, не канцэнтравацца ў межах мэгаполісу, а раўнамерна разьмяркоўвацца па ўсёй краіне.

Калісьці я прачытаў у польскай газэце пра тое, як разьвівалася Польшча пасьля распаду СССР. Краіна была разбураная, і ўсе асноўныя ініцыятывы канцэнтраваліся ў буйных гарадах. Але статусныя месьцічы пачалі ўкладаць свае грошы й веды ў сельскую мясцовасьць, перасяляцца за горад, і сёньня мы бачым разьвітую сельскагаспадарчую краіну з адладжанай грамадзянскай супольнасьцю.

Шмат маіх сяброў зараз набылі ўжо свае хутары, таму маю спадзеў, што такія рознага кшталту сялянскія фэсты будуць узьнікаць далей. Я спрабую гэты працэс папулярызаваць, калі мяне запрашаюць на сэмінары, распавядаю пра свой уласны досьвед.

— Тым ня менш дагэтуль вы застаецеся адны. Чаму?

У. Ш.: Тут, вядома, павінна супасьці шмат чаго. У Беларусі ў музычнай сфэры мала таленавітых адміністратараў, многія зьехалі з краіны. Мы дагэтуль застаемся маленькай сельскагаспадарчай дзяржавай, таму амбітным людзям тут проста няма чаго рабіць.

Я не лічу сябе канцэртным арганізатарам — проста раблю тое, што падабаецца. Хутчэй, я агратурыст. Камусьці гэта таксама блізка, ён далучаецца. Так узьнікае культурная супольнасьць — мастакоў, музыкаў, праграмістаў, нават зубных дактароў.

Калі задаюць пытаньне, хто робіць гэтыя фэсты, я адказваю, што гэта 40–100 чалавек — валянтэры й сябры. Агенцыя «Шаблі» — гэта толькі чатыры чалавекі, якія, зразумела, самі такія фэсты зрабіць не змаглі б. Таму я б сказаў, што мы ўнікальныя, бо гэта ўсё ладзіць не камэрцыйнае прадпрыемства, а супольнасьць аднадумцаў, якім падабаецца разам пад музыку бавіць летні час і разумець сваё дачыненьне да гэтай зьявы.

— Як вы ацэньваеце тое, што адбылося мінулым летам? Чым задаволеныя? Магчыма, штосьці не атрымалася?

У. Ш.: Стратэгічна я цалкам задаволены. Вядома, мне хацелася б, каб камэрцыйныя вынікі былі лепшыя. Але тут уключаецца маральны аспэкт. Я не хачу быць падобным да тых акулаў нашага шоў-бізнэсу, зь якімі працаваў раней. «Шаблі» зараз займаюць сваю маленькую нішу, і нам гэтага дастаткова. Тое, што атрымоўваем, спрабуем інвэставаць у будучыню. Спадзяюся, праз гадоў 10 мы зможам больш ганарыццца нашымі дасягненьнямі.

А што сапраўды трохі хвалявала, — кепскае надвор’е, празь якое шмат людзей не змагло прыехаць і пачуць унікальную музыку. Напрыклад, фэст «Шаманы Шаблі», фармат, які мы будзем прасоўваць і далей. Я разумею, што мы прывозім «Samosad Bend» ці «Vejam Kabata» ў першы й апошні раз. Ніхто ў здаровым розуме ня зробіць гэтага, бо гэта абсалютна не камэрцыйны праект, а элітарнае мастацтва. А шмат хто менавіта з прычыны надвор’я не прыехаў. Таму шкада нават не за тое, што мы ня здолелі акупіць фэст, але што людзі не пабачылі той магіі, якая адбывалася.

— А што запомнілася з падзеяў мінулага лета?

У. Ш.: Насамрэч шмат чаго. Напрыклад, калі тыдзень да фэсту ішоў дождж, а ў дзень канцэрту нябёсы раптам раскрываюцца, і над Шаблі сьвеціць яркае сонца. Але галоўнае — унікальныя людзі, і гэта сапраўды нашая адметнасьць. Я нават адчуваю гонар за людзей, якія да нас прыяжджаюць. За дзевяць гадоў тут узьніклі сем’і: пары, якія сустрэліся менавіта тут і зараз прыяжджаюць ужо зь дзецьмі.

Так утвараецца дзіўная атмасфэра дабра й узаемалюбові, якая, на маю думку, павінна пашырыцца на ўсю краіну. Уся Беларусь павінна быць, як Шаблі.

— Але вернемся ў горад. Зараз у розных супольнасьцях актыўна абмяркоўваецца тэма гарадзкой прасторы, права асобы на горад, на розныя ягоныя праявы, у тым ліку нефармальныя. Вы калісьці адзначалі праблему таго, што Менску, напрыклад, не хапае гэткіх месцаў, як клюб «Графіці», які на сёньняшні дзень такі амаль адзіны.

У. Ш.: Так, пагаджуся. У Менску ўсё болей становіцца офісаў, розных іншых бізнэсовых установаў, і ў гэтым пляне Менск становіцца сучасным горадам. Ён паварочваецца ў бок прамысловасьці, бізнэсу, якія да душы маюць мінімальнае дачыненьне. Людзі закрываюцца ў сваіх каробках, становяцца абыякавымі адзін да аднаго.

Але зьвесьці ўсё да «грошы ці інтэрнэт — зло» было б банальна. Няправільнае выкарыстаньне чалавекам дабротаў цывілізацыі — гэта зло, і яно нас накрыла. Гэта ўвогуле глябальная праблема, але, магчыма, у нас яна больш балючая.

— Але ў іншых эўрапейскіх гарадах, у той жа Вільні — іншая сытуацыя.

У. Ш.: Магчыма, літоўцы ня так былі пашкоджаныя савецкай сыстэмай, у іх пераход да сучаснай сытуацыі заняў менш часу, чым у нас. Калі вярнуцца да праблемы месцаў «з душой», у мяне ёсьць сябры, якія валодаюць у Вільні кавярнямі. Але, нягледзячы на тое, што справы ідуць добра й яны маглі б жыць ужо ў іншай эўрапейскай краіне, кантралюючы свой бізнэс адтуль, яны самі стаяць за плітамі, выходзяць у залю, таму што гэта іхнае жыцьцё.

Мне падаецца, так і павінна быць. Ты павінен у сваю справу ўкладаць сябе. Магчыма, хутар мае душу, таму што, па-першае, для мяне гэта дом. Я ўпэўнены, што для Маторына «Графіці» — таксама дом. Людзі, вядома, гэта адчуваюць.

— Напрыканцы мінулага году легендарнаму праекту «Народны альбом» споўнілася 15 гадоў. Ці плянуеце зладзіць такі канцэрт або аднавіць той жа «Я нарадзіўся тут», які дасюль многія прыгадваюць з захапленьнем.

У. Ш.: Магчыма. Імкненьне прывозіць новыя музычныя праекты ўвесь час спрачаецца з жаданьнем узнаўляць і успамінаць тую энэргетыку, што была тады. З аднаго боку, шмат чаго залежыць ад музыкаў, шляхі некаторых сёньня кардынальна разыйшліся. Мне складана ўявіць, напрыклад, што N.R.M. пагодзяцца выступіць на адной пляцоўцы. Але, зь іншага боку, я лічу, што трэба рухацца далей.

Беларусь шмат жыве мінулым, асабліва савецкім. Так, трэба згадваць, памятаць гісторыю. Але сучасную прастору трэба ў першую чаргу напаўняць ужо новымі энэргіямі. Мы павінны перастаць жыць мінулым, трэба жыць сучаснасьцю, а лепей — будучыняй.

— Каго б вы хацелі прывезьці ў Беларусь, калі б былі ўсе магчымасьці?

У. Ш.: Нікога з тых, хто вядомы шырокаму колу гледачоў. Калісьці я быў фанатам цяжкога року, панку, але «Sex Pistols», калі б вакалісты былі жывыя, не прывёз бы, Мадона на хутары мне таксама ня трэба.

Хочацца прывозіць невядомыя, але ўнікальныя імёны, якія вось толькі пачынаюць узьлятаць, але яшчэ не сапсаваныя мільённымі ганарарамі. Разнастайныя электронныя, традыцыйна гітарныя групы — тая актуальная сучасная сусьветная музыка, што павінна гучаць з кожнай радыёкропкі. А ў нас дагэтуль пануе савецкі нафталін.

— Магчыма, трэба рабіць сваю радыёхвалю?

У. Ш.: Такая ідэя ў нас ёсьць. Паспрабуем рэалізаваць яе ў бліжэйшыя гады: накрыем нашыя ўзгоркі wi-fi і створым сваю інтэрнэт-радыёстанцыю.

— Якія чаканьні ад гэтага году?

У. Ш.: Год вельмі пазытыўна распачаўся. Упершыню за многія гады мы сустрэлі яго ў горадзе разам з бабулямі. Сёньня сярэдзіна студзеня, але навіны працягваюць цешыць. Для мяне гэта добры знак.

Чакаю, вядома, цёплага лета, заплянаваных «Канцэрту на траве», «Пікнік.by» нашых сяброў «Графіці», «Шаманаў Шаблі», ну і, зразумела, «Вольнага паветра». Я вырашыў не пашырацца, чатыры буйныя фэсты, што могуць прыняць 1,5–2 тысячы чалавек, — гэтага для хутару дастаткова.

— А колькі максымальна можа прыняць хутар?

У. Ш.: На адным зь мінулых «Вольных паветраў» было 2600 чалавек. А ўвогуле, мы нядаўна палічылі: за гады існаваньня Шаблі тут пабывала каля 20 тысячаў чалавек.

— Раскажыце пра фэст «RAZMAROZKA», што адбудзецца ў Вільні 2 і 3 сакавіка.

У. Ш.: «RAZMAROZKA» — наш чарговы фэст з сэрыі канцэртаў, умоўна кажучы, «не на нашай тэрыторыі». Гэты 2-дзённы фэстываль ініцыявалі нашыя літоўскія партнэры. Першы дзень будзе баявы — з «Крамбамбуляй» і дыджэй-дуэтам «Xara Fedotova feat Karina Krysko» пад заслону.

Другі — больш спакойны: нашыя «Партманэ», якія многім запомніліся сумесным выступам з украінскай «ДахайБрахай» на апошнім «Вольным паветры», а таксама літоўскі «шаман» Саўлюс Пятрэйкіс. Шмат гледачоў едуць менавіта на другі дзень, бо памятаюць той цуд, што адбыўся на «Шаманах Шаблі» ўлетку.

— За «Крамбамбулю» многія скажуць вам дзякуй.

У. Ш.: Так, калі яны ня могуць выступаць тут, значыць, будзем шукаць выхад і прапаноўваць беларусам выяжджаць за мяжу. Добра, што Вільня недалёка. Тым больш, дзякуючы нашым літоўскім партнэрам і традыцыйнай падтрымцы Літоўскай амбасады візы для нашых гледачоў бясплатныя. Зразумела, калі б ня гэта, шмат моладзі не змагло б прыехаць.

 

2 і 3 сакавіка ў Вільні адбудзецца двухдзённы фэстываль «RAZMAROZKA» з удзелам музыкаў зь Беларусі й Літвы. Дзякуючы падтрымцы Амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусьуваходныя квіткі на гэтыя канцэрты для беларусаў забясьпечаныя бясплатнымі візамі. Амбасада прымае дакумэнты на выдачу візаў з 14 студзеня па 22 лютага 2013 году.

Фатаграфіі © Аляксандр Ждановіч, budzma.org

Добавить комментарий