Як «Крамбамбуля» размарожвала беларусаў у Вільні

Канцэрты ў Вільні з візавай падтрымкай для беларусаў ужо сталі добрай і прыемнай традыцыяй. 2 сакавіка ва ўтульным Forum Palace усіх сабраў гурт «Крамбамбуля» у рамках фестывалю «Размарозка».

«Крамбамбуля» на чале з Лявонам Вольскім можа па праву лічыцца сапраўды народным гуртом: цалкам беларускі рэпертуар, самабытная музыка, беларускамоўныя фанаты і аднолькавае прызнанне як сярод моладзі, так і сярод людзей старэйшага пакалення.

Як і заўсёды на такіх мерапрыемствах, самае цяжкае — прайсці мяжу ў кароткі тэрмін. Таму канцэрт затрымалі на гадзіну, каб пачакаць тых, хто не паспеў даехаць да Вільні ў прызначаны час. Больш за тое, не ўсе паспелі на першае аддзяленне, людзі даязджалі і на другую палову канцэрта.

У першым аддзяленні «Крамбамбуля» грала свае новыя песні, у тым ліку і з новага альбома Drabadzi-drabada (2011 год), а таксама пераклады і песню на польскай мове Cicha voda. Раскачваліся нядоўга — з першых жа нот тыя, хто драмаў у фае палаца 15 хвілін таму, усміхаліся, а ногі самі пачалі прыплясваць.

У адрозненні ад апошняга выязнога канцэрта (тады ў вільнюскай Pramogu Arena граў гурт «Ляпис Трубецкой»), гэты атрымаўся амаль дамашнім: мнагаярусны амфітэатр Forum Palace з утульнымі столікамі на ярусах, гукаізаляванымі барамі па баках і круглай танцпляцоўкай з люстраным шарам пад купалам нібыта збіраў усіх прысутных у адну вялікую беларускую сям’ю.

Менавіта колавае прастранства арганізавала такую выдатную акустыку: гук па абодвух баках ад сцэны праходзіў праз увесь зал, узмываў да люстранога шара пад купалам і абдымаў басамі ўвесь палац.

Ударны пачатак, затым невялікі антракт, а на другую частку канцэрта палова ярусаў апынулася на танцпляцоўцы па запрашэнні Лявона Вольскага і Алега Гаруса. Тым не менш, тыя, хто застаўся на ярусах, танцавалі і спявалі не горш. А другая палова канцэрта пацешыла слухачоў старымі, «дурнымі», але горача любімымі песнямі гурта. На танцпляцоўцы ва ўсю разышоўся слэм, музыканты запрашалі людзей танцаваць на сцэну, ніякіх рамак — сапраўдная размарозка.

Артысты проста «жглі». Непараўнальны Лявон Вольскі (вакал, банджа, акустыка), абаяльны Алег Гарус (гітара), нястомны Сяргей Штэндэр, заўзяты Алесь Мышкевіч, проста неверагодная духавая секцыя — Павел Аракелян (саксафон, флейта) і Юрый Жданаў (труба) — хлопцы стварылі сапраўдную «вольную» дыскатэку з бел-чырвона-белымі сцягамі і лозунгамі «Жыве Беларусь!» ледзве не пасля кожнай кампазіцыі.

Чытаць далей

Добавить комментарий